background

“Вівальдзі па-беларуску”

14.03.2023

“Вівальдзі па-беларуску”

Канцэрт навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа

пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Народны паэт Беларусі Якуб Колас вельмі любіў музыку, добра граў на скрыпцы і спяваў, любіў слухаць па радыё народныя мелодыі і царкоўныя спевы. Жонка Песняра Марыя Дзмітрыеўна таксама мела добры музычны слых і прыгожы голас. Якуб Колас высока ацэньваў карысць музычнай адукацыі, таму ў доме Коласа з’явіўся раяль − яго набылі для ўнукаў паэта. На вершы Якуба Коласа напісана нямала музычных твораў, але вялікі паэт не толькі даваў натхненне кампазітарам сваёй музыкай, але і як грамадскі і дзяржаўны дзеяч апекаваўся музычнымі калектывамі.

“Скрыпка штораз галаснее,

Прыямней гудзе струна.

Скрыпка плача, скрыпка млее,

Выгаварвае яна…”

Так пісаў Пясняр у паэме “Сымон-музыка”.

А калі задацца пытаннем, які сусветна вядомы кампазітар цудоўна граў на скрыпцы і пісаў для гэтага інструмента музыку? Адказ прыходзіць адразу – Антоніо Вівальдзі, чые 345-годдзе адзначаецца ў сёлетнім сакавіку. Вівальдзі-гэта бурлівы тэмперамент, грымоты і маланкі эмоцый, энергія рытму і пышныя павольныя мелодыі. Яго музыка, як і паэзія Якуба Коласа, кладзецца на слых з першага разу, бо напісана з сімпатыяй да чалавека. Калі мы слухаем Вівальдзі, разумеем: усё будзе добра! За сваё жыццё Антоніо Вівальдзі стварыў 90 опер, больш за 100 санат і 517 канцэртаў!

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца незвычайны канцэрт – прагучаць творы Антоніо Вівальдзі з… беларускім каларытам. Як гучыць Вівальдзі, напрыклад, на цымбалах? Пачуць і традыцыйнае, і незвычайнае выкананне сусветна вядомай музыкі можна ў музеі Песняра 17 сакавіка 2023 года. Пачатак канцэрта а 14 гадзіне.

Уваходны білет – 3 рублі.