background

Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы

20.11.2020

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас быў адлюстраваны не толькі ў помніках, скульптурах і бюстах, але выяўлены на манетах, значках і нават медалях. Адзначу, што ў дадзеным матэрыяле будуць разглядацца выключна выявы Якуба Коласа ў значках. Такіх нагрудных знакаў з выявамі Якуба Коласа выпушчана было не шмат, калі не ўлічваць разнастайныя значкі, якія звязаны з яго творамі.

  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы
  • Выявы Якуба Коласа ў фалерыстыцы

 Калі браць выключна выявы Коласа на значках, то іх не так шмат, як можна было б падумаць. Важна для  пачатку заўважыць, што значкі з выявамі класіка айчыннай літаратуры рабіліся з двух матэрыялаў: драўляныя і металічныя. У сваю чаргу металічныя значкі былі зроблены з алюмінія і цынкавага сплава.

       Важнай акалічнасцю ў значках з выявамі Якуба Коласа з’яўляецца палажэнне твару знакамітага пісьменніка. Адпаведна ўсе выявы, згодна з гэтым крытэрыем, падзяляюцца на анфас і профіль. У прынцыпе, большая частка з іх была выпушчана яшчэ ў савецкі час, калі значкі выходзілі тысячамі і былі папулярнымі аб’ектамі калекцыянавання. Ёсць вялікая верагоднасць, што значная частка значкоў з выявай “мікалаўскага чалавека”, як называў сябе Канстанцін Міцкевіч, выпусцілі спецыяльна на знакавую дату для беларускай культуры і гісторыі – 100-годдзе Якуба Коласа.

Першы нагрудны значок быў выпушчаны якраз у 1982 годзе і адрозніваўся сваімі маленькімі памерамі – усяго 2х1,3 см. Пры гэтым на ім выява Якуба Коласа размешчана ў профіль пасярэдзіне. Значок авальнай формы, з надпісам уверсе “Якуб Колас”, а ўнізе юбілейнай датай – 100. Пры гэтым дата паабапал узятая ў каласочкі, што з’яўляецца вельмі сімвалічным знакам. Гэты прыём звязвае простае аздабленне, на першы погляд, з глыбокім сэнсам псеўданіма беларускага класіка. Значок зроблены з алюмінія, аднак мае залацістае напыленне, а выява Якуба Коласа на ім даволі добра бачна.

 Яшчэ адзін значок, дзе выява Якуба Коласа размешчана ў профіль - гэта цень пісьменніка, які зафіксаваны на Эйфелевай вежы. Беларускі класік быў на Эйфелевай вежы ў 1935 годзе, калі знаходзіўся ў складзе савецкай дэлегацыі на кангрэсе ў абарону культуры, што адбываўся ў Парыжы. Гэта досыць вядомая выява пісьменніка, каторая зроблена невядомым мастаком і стала падставай для стварэння падобнага значка. На алюміневым значку з белым полем (эмаль белага колеру) размешчана выява цені пісьменніка чорнага колеру ў профіль, што знаходзіцца на шчыце прамакутнай формы. Ніжэй за выяву размешчаны фірменны і многім вядомы аўтограф Канстанціна Міцкевіча. У музеі класіка айчыннай літаратуры была рэалізавана ідэя стварэння значка-выявы Якуба Коласа з дрэва. Гэты значок глядзіцца гарманічна як і першы, толькі цень пісьменніка значна большы, чым у папярэднім значку. Выява-значок складаецца з абрысаў не толькі галавы, але і часткі тулава, на якой і размешчаны вядомы аўтограф Якуба Коласа. Драўляны значок якраз цалкам адпавядае фотаздымку цені Якуба Коласа з Эйфелевай вежы і мусіць можа адзначацца як выява з высокай арыгінальнасцю. Драўляны значок з цёмнага дрэва і выразанага на ім аўтографа пісьменніка фактычна маркіруе выяву і нагадвае ўладальніку пра прыналежнасць аб’екта калекцыянавання да асобы Якуба Коласа. Па памерах ён з’яўляецца немалым знакам, а даўжыня яго складае крыху больш за 5 сантыметраў.   

Металічны значок з выявай Якуба Коласа ў профіль нагадвае нам кнігу. Пра гэта сведчыць верхняя частка значка, якая нагадвае старонкі кніжнага блока, а выява Якуба Коласа, у сваю чаргу, размешчана на вокладцы кнігі ў выціснутым крузе. З левага боку ад выявы вертыкальна размешчана факсіміле паэта "Якуб Колас". Адзначым рэалістычнасць выгляду пісьменніка і яго блізкасць да сапраўднага твару Я.Коласа. Больш за тое, на металічны нагрудны знак добра кладзецца святло, якое дапамагае значку вылучацца і ззяць. А гэта сведчыць пра ўдала падабранае напыленне значка. Прычым напыленне такіх фалерыстычных знакаў ёсць у двух відах: залацістае і срэбнае.

Датуецца аб’ект фалерыстыкі 1990-м годам і зроблены ў тэхніцы штампоўкі. Важна адзначыць і яго памер - 3х2,2 см, што з’яўляецца сярэднім для нагруднага значка.

Наступная частка значкоў характарызуецца выглядам твару пісьменніка выключна ў анфас. Перадусім згадаем значкі, дзе змешчаны практычна фатаграфічныя выявы Якуба Коласа. Першы значок мае прамакутную форму, а на шчыце цёмнай формы змешчаны партрэт народнага паэта і пад ім знаходзіцца аўтограф "Якуб Колас". Памеры значка наступныя - 2 х 1,5 см.

Другі значок, аформлены ў выглядзе раскрытай кнігі, практычна прамакутнай формы. Нагрудны значок зроблены з двух частак, дзе на левай палавіне размешчаны партрэт паэта, а справа яго творчы псеўданім і даты, якія паказваюць на 90-гадовы юбілей з часу нараджэння Якуба Коласа – 1882-1972. Менавіта на гэты юбілей і быў выпушчаны значок, пра што сведчаць даты змешчаныя на ім. Прычым калі ў першым выпадку выява пісьменніка змешчана ў тры чвэрці паварота галавы ўлева, то ў другім наадварот - тры чвэрці паварота галавы ўправа. Нагрудны значок адзначаецца невялікімі памерамі - 1,7 х 2,8 см і таксама зроблены ў тэхніцы штампоўкі. Аўтарам гэтых двух апісаных значкоў, між іншым, з’яўляецца Янка Раманоўскі — беларускі мастак; пляменнік славутага Янкі Купалы. 

Яшчэ адзін значок з паваротам галавы ўправа ў тры чвэрці з’яўляецца самым цяжкім, бо зроблены з цынкавага сплаву. Выпушчаны быў у 1982 годзе, пра што сведчыць надпіс на ім “100 год”, які засведчыў юбілейную дату з часу нараджэння народнага паэта. Пад датай размяшчаецца невялічкі арнамент, які часта звязваецца з нацыянальнай беларускай сімволікай. Побач з выявай Якуба Коласа вертыкальна змешчаецца ў крузе і аўтограф пісьменніка. Пад выявай змешчаны творчы псеўданім беларускага пісьменніка, што, як адзначалася вышэй, у нейкай ступені маркіруе значок. Важна будзе адзначыць, што выява на значку, бадай што, самая далёкая ад рэчаіснасці сярод усіх разгледжаных значкоў. Аднак тым не менш, яна даволі рэалістычная і блізкая да фатаграфічнай. Значок, дарэчы, быў выраблены спецыяльна ў Рызе, а яго памеры наступныя - 2,8х3,5 см. Аўтар ідэі гэтага помніка фалерыстыкі - беларускі скульптар Уладзімір Лятун. Дарэчы, менавіта ён з’яўляецца аўтарам эскіза першай сучаснай беларускай дзяржаўнай узнагароды — медаля Ф. Скарыны (1989). Цікавым элементам кампазіцыі значка з’яўляецца лаўровая галінка, якая ўпрыгожвае стандартныя формы фалерыстычнага аб’екта.

Асобна разглядзім і сучасную драўляную выяву Якуба Коласа, што мае немалыя памеры: шырыня і даўжыня прыблізна 5 сантыметраў. Драўляны значок зроблены з трох гатункаў дрэва. Ён прэзентуе выяву твару Якуба Коласа, які як і папярэднія зроблены з паваротам галавы ў тры чвэрці ўправа. Бяспрэчна выява зроблена цікава, рысы твару даволі рэалістычныя для распазнавання выявы-значка. Дарэчы, кожны з разгледжаных значкоў, нягледзячы на розныя гады выпуска і разнастайнасць афармлення, аднолькава мацуецца. Мацаванне значка — гэта элемент фалерыстычнага нагруднага значка, пасродкам якога ён прышпільваецца да адзення. Гэта канструкцыя, якая складаецца з невялікай іглы, якая падобная на шпільку, і невялікага фіксатара, які трымае значок у закрытым ці прысцёгнутым стане. Аднак такая структура характэрна для старога тыпу значкоў, бо новыя значкі часта іншыя па форме іглы і мацаванняў.

Важна адзначыць і новыя варыянты значкоў з выявай Якуба Коласа. Адзін з іх быў прысвечаны рэспубліканскаму святу паэзіі, якое праводзілася ў Стоўбцах у 2002 годзе з находы 120-годдзя народнага паэта. Назва свята, месца правядзенне і юбілейная дата пазначана на значку. Партрэт Якуба Коласа выяўлены на нагрудным значку ў анфас, у тры чвэрці паварота ўправа. Ён, дарэчы, можа адзначацца выключнай фатаграфічнай дакладнасцю. Другі значок зроблены з нагоды 125-годдзя класіка беларускай літаратуры, аднак каларыстыка значка падабрана няправільна. Якуб Колас з русымі валасамі, апрануты ў кашулю жоўтага колеру з сінім арнаментам. Адзначу, што значок занадта яркіх колераў, хаця першы наадварот зроблены ў стрыманай стылістыцы. Фонам абодвух значкоў, на якіх размешчаны партрэт Якуба Коласа з’яўляюцца краявіды месцаў, дзе нарадзіўся славуты паэт. Асаблівасцю новых відаў значкоў з’яўляецца не толькі іх круглая форма і даволі стандартныя памеры (каля 4 см), але і тэхніка выраблення – вальцоўка. Абодва значка маюць круглую пласмасавую частку, на якую закатываецца надрукаваная паліграфічная выява. Зверху таксама мацуецца плёнка, якая абараняе выяву ад пашкоджання, а мацаваннем значка з’яўляецца т. зв. еўрашпілька.

Такім чынам, для ўсіх разгледжаных відаў значкоў характэрны рэалістычныя выявы пісьменніка, часта ў спалучэнні з аўтарскім аўтографам. З прааналізаваных катэгорый значкоў большасць усё ж належыць да выяў Якуба Коласа зробленых у анфас, нягледзячы на тое, што значкі з выявай пісьменніка ў профіль таксама нярэдка сустракаюцца.

Падрыхтаваў старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Крыжэвіч